ЦЁМНЫ АНЁЛ. АПОВЕСЦЬ. РАЗДЗЕЛ 3-6


6.
З кухні сапраўды даляцеў вясёлы смех. Бразнула накрыўка каструлі, Ленка звонка і выразна сказала: «Дурак!» і зноў засмяялася. «Боршч, відаць, будзе са смехам...» – падумаў Кірыл, перагортваючы старонкі часопіса, што ляжаў перад ім на стале. Чытаць, зрэшты, расхацелася – занадта добрае было надвор’е і занадта весела смяялася Ленка. Думаць пра працу ў такіх умовах не было ніякага жадання.
Кірыл зусім не ўмеў гатаваць і быў вельмі рад, што гэты клопат узяла на сябе дачка. Калі яна была меншай, ён падумваў аб тым, каб наняць хатнюю работніцу, аднак Ленка адразу і рашуча паўстала супраць такой ідэі – бачыць у доме чужую жанчыну пасля смерці мамы яна катэгарычна не хацела. «Я сама табе буду кашу варыць!» – заявіла яна безапеляцыйна і з таго часу сапраўды варыла – і не адну кашу. Кірылу заставалася толькі хадзіць у краму па прадукты. Гэта быў зусім не цяжкі абавязак. Шпацыр па вуліцы з сумкамі ў руках пры ягоным сядзячым спосабе жыцця не прыносіў нічога, апрача карысці (свае «Жыгулі» у падобных выпадках Кірыл ніколі не выганяў з гаража), а стаяць у доўгіх чэргах, як усім іншым, яму не даводзілася – ён атаварваўся ў спецыяльнай краме, дзе па пасведчанні члена Саюза пісьменнікаў яму выдавалі любыя дэфіцытныя прадукты, і па значна ніжэйшых цэнах, чымся ў звычайных гастраномах. Бывалі, праўда, часы, калі, чарговы раз ідучы па пакупкі, ён уздыхаў і моршчыўся, як ад зубнога болю: калісьці даўно, у дні сваёй маладосці, Кірыл Цімафейчык лічыў амаральным само існаванне спецкрам; цяпер жа Кір Ціхі, бледны цень таго хлопца, спакойна паказаўшы пасведчанне дзяжурнаму, менавіта з такой крамы выносіў кілаграмы прадуктаў, пра якія радавыя грамадзяне маглі толькі марыць, і ўсё радзей і радзей пакутаваў ад згрызотаў сумлення. Больш таго, яму падабалася такая сістэма абслугоўвання, і ён разумеў, што адмовіцца ад яе цяпер ён не згадзіўся б ні за што на свеце. І дзе толькі падзеўся той маладзенькі бязвусы студэнт, які адварную бульбу з тушонкай лічыў самай смачнай стравай на свеце! Здавалася б, чалавек, у якога ён ператварыўся, па-ранейшаму любіў простую сялянскую ежу, да якой быў прывучаны з маленства яшчэ бабуляй. Аднак у ягонай сённяшняй бульбе ляжала зусім не тушонка, а вялікія кавалкі сапраўднай ялавічыны, прыпраўленай дэфіцытнымі фінскімі спецыямі, а боршч гатаваўся на свіным сале, пра якое раней ён марыў хіба што на святы, нават калі жыў у вёсцы. У гэтым і была ўся розніца, не занадта, быццам бы, кідкая – у іншай сітуацыі на яе можна было б папросту не звяртаць увагі, але ўся справа якраз і заключалася ў тым, што розніца гэтая назіралася ва ўсім: пачынаючы з дробязей і закончваючы перакананнямі і светапоглядам, яна нітачкай цягнулася праз усё жыццё, аддзяляючы свет Кірыла Цімафейчыка ад свету Кіра Ціхага. Канечне, ён мог бы апраўдацца тым, што людзі мяняюцца з часам, што гэта натуральна і што ідэалізм і максімалізм юнака амаль ніколі не атрымліваецца ў спадчыну дарослым чалавекам. Мог бы, калі б сам не разумеў, як бездапаможна і ўбога выглядаюць падобныя апраўданні нават перад самім сабою. Некалькі разоў ён спрабаваў разабрацца ва ўласным лёсе, стараўся зразумець, дзе і калі страціў сваё былое «я», але шторазу нібыта натыкаўся на неадольны мур: людзей, якія зналі яго маладым, у горадзе амаль не засталося – іх быццам бы нехта наўмысна паразганяў з ягонай дарогі, а тыя, з кім ён быў знаёмы сёння, бачылі толькі славутага пісьменніка і нічога не ведалі аб напаўгалодным студэнце, чые вершы ў свой час не згаджалася публікаваць нават заняпалая мясцовая газеціна, рэдактар якой цяпер пры сустрэчы кланяўся яму траха не да зямлі і часцяком прысылаў яму на рэцэнзію свае найболей важныя перадавыя артыкулы, каб не асарамаціцца перад партыйным начальствам.
І ўсё‑такі, калі б Кірыла спыталі, ці хоча ён, каб усё раптам стала па-ранейшаму і ён бы зноў ператварыўся ў Кірыла Цімафейчыка, ён бы з жахам закрычаў: «Не! Не! Ні за што!» Канечне, і тут можна было б знайсці апраўданне: у яго, маўляў, дачка, яна павінна мець тое, чаго ён сам у дзяцінстве не меў. Аднак у глыбіні душы Кірыл ясна адчуваў, што справа тут не ў дачцэ, а ў тым, што ужо проста жыць не можа без свайго сённяшняга дабрабыту, які даўно стаў для яго галоўным і дзеля захавання якога ён гатоў быў ісці на кампрамісы з сумленнем, пісаць па заказу і хваліць няздараў. Маладога Цімафейчыка не патрапілі зламаць голадам і запужваннямі. Яго зламалі сытасцю: падпусцілі да кармушкі, ад якой, паеўшы раз, ён ужо не здолеў адарвацца і пачаў паступова апускацца, губляючы ўсё, у што верыў, пакуль нарэшце не апусціўся да таго ўзроўню, на якім знаходзіўся цяпер. Ці была гэта апошняя граніца яго падзення? Кірыл баяўся, што не.
А Ленка тымчасам весела смяялася на кухні.
Часамі, гледзячы на дачку, Кірыл з тугою думаў: а што, калі аднойчы настане дзень і які-небудзь Гузікар спытае яго, як Пэра Гюнта: «Скажы, дзе быў ты сам сабою?». Ці стане тады Ленка ягоным адзіным паратункам на дарозе ў пекла? Ці зможа яна, ягоная ясачка, засланіць яго сабою і, падобна да Сольвейг, адказаць: «В любви своей ко мне собою был ты!»? Усё часцей і часцей надыходзілі такія хвіліны, калі Кірылу пачынала здавацца, што нават гэтага апошняга паратунку ён не заслужыў.




Мне нравится:
0

Рубрика произведения: Проза ~ Фантастика
Количество рецензий: 0
Количество просмотров: 17
Опубликовано: 20.08.2018 в 19:47
© Copyright: Игнат Урсуляк
Просмотреть профиль автора






Есть вопросы?
Мы всегда рады помочь!Напишите нам, и мы свяжемся с Вами в ближайшее время!
1