ЦЁМНЫ АНЁЛ. АПОВЕСЦЬ. РАЗДЗЕЛ 3-5


5.
У гасцінай раптам зазваніў тэлефон.
– Я вазьму, татка, не ўставай! – крыкнула з кухні Ленка і пабегла да апарата.
Са сваёй канапы Кірыл добра чуў кожнае яе слова:
– Алё! А-а, гэта ты... Чаго табе? Не, сёння я нікуды не пайду. Чаму-чаму... У мяне татка захварэў, «хуткая дапамога» толькі што паехала... Ага, сэрца... Ну, усё, бывай. Цябе толькі тут не хапала!
Яна сярдзіта кінула трубку.
– Хто там? Дзімка? – спытаў Кірыл.
– Дзімка, – адказала Ленка, уваходзячы ў кабінет.
– Куды ён цябе клікаў?
– Ды так... Дурам ён мучыцца.
– Ну і пайшла б, памучыліся б разам.
– Ну вось яшчэ! А цябе аднаго пакінуць?
– Ды я ўжо нармальна сябе пачуваю, Лен. Зараз вось устану, і будзем абедаць.
– Я табе ўстану! – прыгразіла Ленка. – А за Дзімку не хвалюйся, ён зараз сюды прыбяжыць. Ён, здаецца, таксама спалохаўся, што ты захварэў.
– Праўда? Вось і добра, няхай прыбягае, паабедаем утрох.
– У дадзеным выпадку па-беларуску кажуць «утраіх». Эх ты, а яшчэ нацыянальны пісьменнік! – упікнула Ленка і пайшла займацца сваімі справамі.
Праглынуўшы справядлівае ўпіканне, Кірыл паглядзеў услед дачцэ. «Зусім як маці, – падумаў ён з пяшчотай. – Таксама заўсёды кажа тое, што думае, і нічога не баіцца...»
Ляжаць на канапе не хацелася, тым больш што Кірыл і сапраўды пачуваў сябе ўжо абсалютна нармальна і бадзёра. Гэта было дзіўна, таму што звычайна сардэчныя прыступы не праходзяць так хутка і так бясследна. Ціхенька, каб не пачула Ленка, ён устаў, падперазаў свой дамашні халат («буржуйскі», як называла яго дачка), адчыніў фортачку і сеў да свайго стала, на якім ляжаў стос чыстай паперы і некалькі падрыхтаваных напярэдадні гістарычных часопісаў, у якіх ён збіраўся пашукаць матэрыялы пра Багдановіча. У фортачку ўлівалася салодкая майская цеплыня: надвор’е было ўжо зусім летняе, сярэдзіна дня наплывала бурштынавымі сонечнымі хвалямі, ветрык прыносіў пах маладога лісця, вераб’і радасна крычалі, не звяртаючы ўвагі на суседскага кацяру Васільдзіча, які пільнаваў іх, седзячы на невялікай бетонавай пляцоўцы на выгіне рынны. Стол стаяў перад акном, і Кірылу было добра відаць і Васільдзіча, і вераб’ёў. А яшчэ яму было відаць, як Ленка стаіць на балконе і ветрык варушыць яе валасы – яна адлюстроўвалася ў створцы фортачкі, і над галавой яе адлюстравання ў шыбцы танцавалі сонечныя блікі.
Зазванілі ў дзверы – гэта сапраўды прыбег Дзімка. З хвіліну паслухаўшы, як Ленка напаўголасу спрачаецца з ім у пярэдняй, Кірыл кашлянуў і басавіта прагудзеў са свайго кабінета:
– Заходзь, Зміцер Барысавіч, не звяртай на яе ўвагі!
Праз секунду Зміцер Барысавіч ужо стаяў на парозе кабінета. На ім былі аранжавыя трыкатажныя шорцікі, блакітная атласная футболка і чорныя шкарпэткі. Ён быў рыжы, хаця і не ў тым сэнсе, які звычайна ўкладаюць у гэтае слова: валасы ён меў мяккія, неслухмяныя і даволі цёмныя – можна нават сказаць, бронзавага колеру, а на ягоным злёгку кірпатым носе сядзелі пяць велізарных залатых вяснушкаў. І ўсё, больш на твары ніводнай вяснушкі не было. Дзімка быў на год малодшы за Ленку, вучыўся з ёю ў адной школе і з першага класа быў яе найлепшым сябрам. Натуральна ж, увесь гэты час за імі хадзіла мянушка «жаніх і нявеста». Кірыл таксама калі-нікалі паўжартам называў хлопчыка «зяцёк», зрэшты, надаючы гэтаму слову немалое значэнне: яму здавалася, што, калі Ленка і Дзімка за столькі гадоў ні разу не пасварыліся, дык, хто знае, можа, і не заўважыш, як яны і на самай справе стануць жаніхом і нявестай. Кірыл, між іншым, нічога супраць гэтага не меў: Дзімка ўжо даўно быў у ягоным доме сваім чалавекам.
Убачыўшы Кірыла за сталом, Дзімка здзіўлена расшырыў свае зялёныя вочы:
– А Ленка сказала, што вы захварэлі сур’ёзна!
– Чуткі пра маю хваробу трошкі перабольшаныя, – усміхнуўся Кірыл, паварочваючыся да хлопчыка тварам. – Але дзякую, што прыйшоў. Зараз абедаць будзем.
– Там вам дзядуля слоік салёных агуркоў прыслаў, – паведаміў хлопчык, – і сухога глогу – ён ад сэрца добра.
– І за гэта дзякую.
За Дзімкавай спінай вырасла Ленка:
– Татка, ты чаму ўстаў?! Табе ж урач не дазволіў!
– Алёна Кірылаўна, не палохай госця, – адгукнуўся Кірыл. – Я ж сказаў, што са мной усё ў парадку. Пастаў лепш боршч на фаерку і бульбу тушаную падагрэй, зараз мы яе з агурочкамі і ўмелем! Зяцёк, забірай гэтае дзяўчо на кухню, хай не крычыць на бацьку.
Тоненькі спружыністы Дзімка радасна падхапіў Ленку пад локаць і пацягнуў за сабою. Тая нешта нездаволена забурчала, як старая баба, але не ўпарцілася. Настрой у Кірыла зусім палепшыўся. Яму заўсёды станавілася прыемна і весела, калі Дзімка і Ленка бывалі дома разам. Ён з наогул не ўласцівай яму сентыментальнасцю любаваўся на іхняе сяброўства, на трошкі забаўную, але абсалютна шчырую ўзаемную закаханасць, якая нясмелым яшчэ агеньчыкам загарэлася ў іхніх душах апошнім часам і якой яны, як усе падлеткі, і саромеліся, і пабойваліся, і на тое, як Дзімка дазваляе Ленцы паводзіць сябе з ім, як з малодшым, і спакойна цярпіць яе бурчанне, хаця, калі захоча, дык адною вясёлай усмешкай умее зліквідаваць усю яе суровасць, так што праз хвіліну, глядзіш, яны ўжо абое смяюцца і самі не ведаюць з чаго. Так, Дзімка быў памяркоўны, лагодны, уступчывы і вельмі ўдала ўраўнаважваў рашучую, парывістую, а часамі і проста імпульсіўную Ленку. З ім заўсёды бывала лёгка. Можа быць, таму, што ён быў сынам вельмі добрага, высакароднага і мужнага чалавека, з якім Кірыл шмат гадоў сябраваў, якога па-сапраўднаму паважаў і часта з болем у душы ўспамінаў пасля таго, як яго раптам не стала. Гэты чалавек, ветэран Афганістана і чарнобыльскі ліквідатар, не загінуў. Ён паросту знік недзе на тэрыторыі АЭС пад час выканання нейкага асабліва важнага задання, даручанага яму як былому баявому афіцэру. Яго так і не знайшлі – ні жывога, ні мёртвага. У ягоную смерць Кірыл дагэтуль не верыў. Дзімка таксама.




Мне нравится:
0

Рубрика произведения: Проза ~ Фантастика
Количество рецензий: 0
Количество просмотров: 13
Опубликовано: 20.08.2018 в 19:45
© Copyright: Игнат Урсуляк
Просмотреть профиль автора






Есть вопросы?
Мы всегда рады помочь!Напишите нам, и мы свяжемся с Вами в ближайшее время!
1