ЦЁМНЫ АНЁЛ. АПОВЕСЦЬ. РАЗДЗЕЛ 3-3


3.

Кірыл заплюшчыў вочы і расслаблена ўздыхнуў. Канечне, ён схлусіў Ленцы. На самай справе шчаслівым чалавекам ён сябе зусім не лічыў. Хутчэй наадварот. Гэта цяжка было растлумачыць. Ён добра разумеў, што вельмі многія зайздросцілі таму, як складалася ягонае жыццё, і не адмовіліся б памяняцца з ім месцамі, калі б гэта было магчыма. У Кірыла сапраўды было амаль усё, пра што толькі можа марыць творчая асоба: слава, грошы, узнагароды, велізарныя тыражы, членства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі і Савецкага Саюзу... Ягоныя творы вывучаліся ў школе і інстытуце, яго ўжо даўно называлі жывым класікам, ён быў заслужаным работнікам культуры, усе часопісы публікавалі ягоныя рукапісы, не чытаючы, і нават шмат якія партыйныя і дзяржаўныя дзеячы лічылі для сябе за гонар паціснуць яму руку. Так, усё гэта ён меў. Не меў толькі шчасця. З таго часу, як слава і ўшанаванне абсалютна нечакана пасыпаліся на звычайнага вясковага хлопца, у яго з’явілася надзвычай прыкрае, неадчэпнае пачуццё, што сваё ўласнае жыццё ў яго нехта адабраў і прымусіў жыць жыццём кагосьці іншага, хто ў рэчаіснасці не мае нічога агульнага з сапраўдным Кірылам Цімафейчыкам. Славуты зубр літаратуры Кір Ціхі нарадзіўся непрыкметна і неспадзявана і амаль поўнасцю замясціў сабою летуценнага вясковага паэта Кірычка, бескампраміснага праўдалюбца і змагара за справядлівасць, які верыў, што мае ў літаратуры нейкае сваё прызначэнне, і быў гатовы на многае, дзеля таго каб яго выканаць. Нічога падобнага не адчуваў у сабе сённяшні Кір Ціхі. Ён не верыў у сваё прызначэнне, не лічыў сябе занадта таленавітым пісьменнікам і быў упэўнены, што ўсё, што ён мае цяпер, – чужое і дасталося яму не па заслугах. Нават кватэра, у якой ён жыў з Ленкай, часам здавалася яму не сваёю, як быццам ён выгнаў з яе сапраўднага гаспадара, як ліса зайца ва ўсім вядомай казцы, і жыве цяпер захопнікам. Канечне, Кірыл ніколі і нікому не распавядаў пра свае пачуцці – яму не хацелася пасля ўсяго апынуцца ў вар’ятні. Але апошнім часам невытлумачальны, абсалютна іррацыянальны адчай усё часцей і часцей апаноўваў яго. Ён саромеўся сваіх поспехаў і літаратурнай славы. Менавіта таму ён адгарадзіўся псеўданімам ад свайго публічнага жыцця, а ў жыцці прыватным з усяе сілы чапляўся за тое, што яшчэ засталося ў ім ад Кірыла Цімафейчыка. Ніхто з ягоных суседзяў нават не здагадваўся, што вядомы ўсёй дзяржаве Кір Ціхі і сціплы інтэлігентны бацька-адзіночка з трыццаць дзевятай кватэры – адна і тая ж асоба. У Ленчынай школе таксама ніхто не ведаў, што яна – дачка жывога класіка. Ён вельмі прасіў дзяўчынку нікому пра гэта не казаць, і яна не казала, хаця ён і разумеў, як жа гэта цяжка трынаццацігадоваму падлетку не пахваліцца перад таварышамі сваім славутым бацькам. Зрэшты, менавіта сёння ён і сам не мог сабе растлумачыць, чаму прызнаўся ўрачу, хто ён на самай справе. «Зацямненне найшло, – апраўдваў ён сябе, – хвароба вінавата...» І тут жа ў глыбіні душы лавіў сябе на тым, што ні зацямненне, ні хвароба тут ні пры чым. Непатрэбнае прызнанне нейк само сабою саскочыла з ягонага языка, і Кірыл ужо пачынаў апасацца, ці не стане яно пачаткам нейкага новага, яшчэ болей прыкрага этапа ягонага жыцця. Добра, што хоць Ленка ні аб чым такім не спытала, а то ён і не знайшоў бы, што адказаць.
І ўсё-такі адно шчасце ў ягоным лёсе было. Пасля таго як пад коламі машыны абсалютна бязглузда загінула Ніколь, адзіным шчасцем Кірыла стала Ленка – ягоная ясачка, ягоная зорачка, дачушка, так падобная да сваёй прыгажуні-маці. Цяпер толькі з Ленкай было звязана ўсё самае чыстае, светлае і ўзвышанае, што яшчэ тлела ў ягонай знясіленай душы. Яе ён любіў, за яе баяўся, ёй стараўся даць усё, што было ў ягоных сілах. На сённяшні дзень яна фактычна была адзіным, што цалкам належала Кірылу Цімафейчыку, а не Кіру Ціхаму, і ён жахаўся ад адной думкі, што яе ў яго таксама можа нехта адабраць. Так, ён падкрэсліваў гэтае «таксама», таму што ўсе гады пасля гібелі жонкі яго ні на хвіліну не пакідала ўпэўненасць, што яна загінула не проста так, а нехта адабраў яе ў яго, таму што яна кахала Кірыла Цімафейчыка і ніяк не ўпісвалася ў прыдуманую некім ідэальную біяграфію Кіра Ціхага, на ўсе заслугі і славу якога ёй заўсёды было пляваць. Кір Ціхі – фантом, а хіба можна ставіцца сур’ёзна да фантома, які нават псеўданіма арыгінальнага сабе знайсці не здолеў і першую ягоную частку запазычыў у Кіра Булычова, а другую – у персанажа Станіслава Лема Іёна Ціхага. Не, такі штучны канглямерат Ніколь кахаць не магла. Яна была жонкай менавіта таго самага, сціплага, інтэлігентнага і летуценнага Кірычка, які ў тыя гады яшчэ, можа, і быў жывым, а цяпер, пасля яе смерці, і сам ужо амаль не дыхаў пад тоўстай скурай свайго містэра Хайда, які дзень пры дні станавіўся ўсё сільнейшым і агрэсіўнейшым, і чым даўжэй знаходзіўся Кірыл у гэтай чужой, спярша нібыта выданай яму напракат скуры, тым выразней адчуваў, што яна пачынае пакрыху прырастаць да яго і ператварацца ва ўласную. Няўжо аднойчы сапраўды настане такі дзень, калі ён прачнецца і канчаткова забудзе, кім быў раней? Гэтага дня Кірыл баяўся панічна.




Мне нравится:
0

Рубрика произведения: Проза ~ Фантастика
Количество рецензий: 0
Количество просмотров: 15
Опубликовано: 20.08.2018 в 03:29
© Copyright: Игнат Урсуляк
Просмотреть профиль автора






Есть вопросы?
Мы всегда рады помочь!Напишите нам, и мы свяжемся с Вами в ближайшее время!
1