ЦЁМНЫ АНЁЛ. АПОВЕСЦЬ. РАЗДЗЕЛ 3-2


2.
Грукнулі, зачыняючыся за ўрачом, дзверы ў пярэдняй. Кірыл правёў далонямі па твары і ўздыхнуў, адчуваючы, што яму становіцца лягчэй. «І собіла ж мяне... – зноў падумаў ён з прыкрасцю. – Бязглуздзіцца, дый годзе...»
Яму здавалася, што ён толькі што прачнуўся пасля цяжкага і трывожнага сну, у якім ён нібыта нават бачыў нешта, хаця нічога канкрэтнага ўспомніць не мог. Галава балела, але сэрца тут, падобна, было ні пры чым: хутчэй за ўсё, ён ударыўся ёю аб падлогу, калі падаў. Яшчэ балела левая рука. Што з ёю, Кірыл зразумець так і не патрапіў – з выгляду яна была абсалютна нармальная, хіба што на ўзроўні локця ён убачыў чырвоны рубчык, якія застаюцца, калі перацягнуць руку гумкай. Зрэшты, гэта мог быць проста след ад манжэты танометра – урач, напэўна, мераў яму ціск.
Увайшла Ленка ў шэрай кароткай сукеначцы і чырвоных гольфах. Села на краёк канапы, узяла Кірыла за руку і ціха спытала:
– Татка, ну, ты чаго?
Па твары дзяўчынкі было відаць, што яна нядаўна плакала.
– Напалохаў я цябе, ясачка... – усміхнуўся Кірыл вінавата і пагладзіў яе па цёмна‑русых валасах, стрыжаных пад «Кавказскую пленницу». – Нічога, ужо ўсё скончылася. Больш я так не буду.
– Праўда не будзеш?
– Слова гонару. Не плач больш.
– Ага, сам упаў, як мёртвы... А што, калі ты і сапраўды памрэш? У мяне ж больш нікога няма...
– Ну, я яшчэ доўга не памру, – паабяцаў Кірыл. – Хто ж гэта памірае ў сорак гадоў!
Ён паднёс руку дачкі да вуснаў і пацалаваў ёй пальцы. Ленцы было трынаццаць, і яна была прыгажуня. «Зусім як мама...» – падумаў Кірыл, углядаючыся ў тонкія рысы яе твару, у якім семіцкага, а значыць, мамінага, было значна больш, чымся ягонага, беларускага. Нібы прачытаўшы ягоныя думкі, Ленка запярэчыла:
– Мама ж памёрла ў дваццаць шэсць...
– Маму збіла машына. Гэта розныя рэчы, – адказаў Кірыл. – А я буду жыць сто гадоў і яшчэ сто кніжак напішу. Мне так у маладосці наваражылі.
– А ты хіба верыш варажбіткам?
– Ну, калі добрае варожаць, дык чаму б і не паверыць? Мне, напрыклад, у жыцці заўсёды шанцавала. Ты толькі ўяві сабе, што ў нашай краіне значыць выбіцца ў людзі з самага нізу, калі ў цябе няма сваякоў сярод кіруючых і накіроўваючых. А вось жа выбіўся, і жывём мы з табой не горай за іншых, праўда? А мог і навекі заглухнуць у сваёй вёсцы. Так што я шчаслівы чалавек, няма чаго скардзіцца.
– А хто такі Сярожка?
– Які яшчэ Сярожка?
– Ты ў непрытомнасці ўсё нейкага Сярожку клікаў.
– Клікаў? – Кірыл нахмурыўся, напружваючы мазгі. – Уяві сабе, не памятаю. А што за Сярожка?
– Я думала, ты мне скажаш.
– Ды не, – абсалютна шчыра варухнуў плячыма Кірыл, – ніякага Сярожкі я не знаю. У мяне нават сярод знаёмых ніводнага Сярожкі няма. Не, ёсць, праўда, Сяргей Міхайлавіч Трапінскі, рэдактар «Літаратурнага альманаха», але я яго нават у непрытомнасці ніколі Сярожкам не назаву – яму ўжо шэсцьдзесят гадоў, і я яго страшэнна паважаю.
– Ну, тады табе, напэўна, проста нешта прымарылася, – падсумавала Ленка і дадала ўжо трошкі аптымістычней: – Ну, калі ты больш паміраць не збіраешся, дык я пайду на кухні прыбяру, а то ты там усё параскідаў, калі падаў. Я хуценька, ты толькі не ўставай.
І пайшла, пакінуўшы Кірыла аднаго. Праз хвіліну ён пачуў, як яна бразгае посудам на кухні і шастае венікам.




Мне нравится:
0

Рубрика произведения: Проза ~ Фантастика
Количество рецензий: 0
Количество просмотров: 22
Опубликовано: 20.08.2018 в 03:27
© Copyright: Игнат Урсуляк
Просмотреть профиль автора






Есть вопросы?
Мы всегда рады помочь!Напишите нам, и мы свяжемся с Вами в ближайшее время!
1