ЦЁМНЫ АНЁЛ. АПОВЕСЦЬ. РАЗДЗЕЛ 2-8,9


8.
На кухню зазірнула цётка Вера:
– Дадому не збіраецеся, следапыты?
– Як Данілка? – спытаў Барыс.
– Нічога, спіць. Тэмпература трошкі ўпала.
– Не пакінеш яго пры сабе нанач?
– Ну, калі трэба, няхай. Ён мне не перашкаджае.
Святлана ўстала, зачыніла фортачку і выйшла ў гасціную.
Хлопчык па‑ранейшаму ляжаў на канапе пад коўдрай і, здавалася, сапраўды спаў. Аднак, як толькі дзяўчына неасцярожна рыпнула масніцай, тут жа расплюшчыў вочы:
– Свет...
– Што? – Святлана прыблізілася і села на краёк канапы. – Як маешся, Данюша?
– Нічога... Галава баліць.
Дзяўчына памацала яму лоб – тэмпература сапраўды паменшала, але твар у хлопчыка быў утомлены і змарнелы, а вочы – цьмяныя.
– Пераначуеш у цёткі Веры? – спытала Святлана.
– Навошта?
– Ну як цябе такога на вуліцу цягнуць? Яна б цябе дагледзела, палячыла, а заўтра раніцой...
– Не, Свет... Я дадому хачу.
– Ну, калі хочаш, паедзем дадому... Трэба толькі зноў таксі выклікаць. Не пехатой жа табе ісці і не на аўтобусе...
– Капрызіш, жаўнер? – на парозе з’явіўся Барыс. – Застанься тут. Табе ж лепш.
– Не, не лепш. Я дадому, – прамовіў Данька зацята.
– Добра, добра, – Святлана нахілілася і пацалавала яго ў лоб. – Зараз паедзем. Ляжы пакуль што. Барыс Сцяпаныч, мы вам сёння больш не патрэбныя?
– Ды чаго там... Едзьце сабе, – махнуў рукой Барыс. – Хіба вас пераспрачаеш... упартыя дзеці.
Праз дзесяць мінут Святлана і Данька на заднім сядзенні таксі ўжо ехалі дадому па звечарэлых вуліцах горада, залітых агнямі і поўных машынамі і пешаходамі. «Цікава, ці чуў Данька пра тое, што трэба ехаць на клады? – думала дзяўчына. – Калі не, дык не буду яму сёння гаварыць. І заўтра не буду. Паспеецца».
Ноччу, лежачы ў пасцелі ў сваёй спальні і прыслухоўваючыся, як за сценкай пакашлівае праз сон Данька, Святлана доўга не магла заснуць. Некалькі разоў яна ўставала і басанож, каб не тупаць, выходзіла ў суседні пакой паглядзець на хлопчыка. Данька спаў, дыхаючы прыадкрытым ротам. Пры святле начніка на ягоным твары ляжалі рэзкія цені, ад чаго шчокі здаваліся запалымі, а вочы – празмерна глыбокімі. Дзяўчына вярталася да сябе, зноў лажылася, але сон прыйшоў толькі пад раніцу, калі за акном ужо пачало развідняцца.

9.
А дзесятай гадзіне прымчаўся Пеця. Вечна жыццярадаснаму тэхніку групы было дзевятнаццаць гадоў, ён быў высокі, тонкі, кучаравы, з рабаціністым носам і адтапыранымі вушамі. З сабою ён прывалок цэлы папяровы мяшок розных прадуктаў.
– Шэф прыслаў, – растлумачыў ён. – Там мёд і малінавае варэнне для Данюка, ну і іншае там рознае.
– Застанешся, паснедаеш? – прапанавала Святлана.
– Ды не, – адмовіўся тэхнік, – мне яшчэ камеры наладжваць трэба, вечарам жа работа, так што я пабег!
І сапраўды пабег, нават не дачакаўшыся, пакуль яму належным чынам падзякуюць.
Ацаніўшы, як пра іх паклапаціўся Барыс (прадукты сапраўды былі выдатныя, а галоўнае, не трэба было стаяць па іх у чэргах), дзяўчына са здавальненнем напаіла Даньку гарбатай з мёдам. Хлопчыку пад раніцу сапраўды палягчэла, ён павесялеў, сядзеў на цёплай кухні ў сіняй піжамцы, грэўся на сонейку, што лілося ў кватэру праз акно, і снедаў з апетытам, па‑верб’інаму скошваючы вочка на фрыкадэлькі ў падліўцы, што ляжалі перад ім на талерцы. Святлане падабалася яго карміць. «Сама не ем, а людзей кармлю», – часам дражніўся на яе Пеця, хаця і сам часцяком, асабліва калі ніхто не бачыў, падсоўваў хлопчыку пад час абеду ў кампаніі самыя смачныя кавалачкі. Ён таксама любіў Даньку, і Святлана гэта ведала. Наогул, Данька, нягледзячы на сваю эмацыйную стрыманасць і маўклівасць, умеў выклікаць да сябе прыхільнасць людзей. Гэта было менавіта тое, што называецца абаяннем, – калі знаходзіцца ў адным пакоі з чалавекам бывае для другога вельмі прыемна, хаця той і сам не разумее чаму. Увесь калектыў Інстытуту – ад дырэктара да звычайнага лябаранта – ставіўся да Данькі з вялікай прыязнасцю. Да таго ж, хлопчык, як аказалася, быў найлепшым біяэнергетыкам з усіх вядомых – ягоны ўзровень зашкальваў за дзве тысячы, ён умеў літаральна бачыць праз сцены, а ўсіх ягоных здольнасцяў не ведаў ніхто, у тым ліку і ён сам. Амаль штодзень Данька адкрываў у сабе нешта новае. Сілы яго здаваліся бязмежнымі. Апрача гэтага, хлопчык быў вельмі смелым і ніколі не баяўся ісці на самыя складаныя паранармальныя кантакты, нават на такія, якіх і дарослыя біяэнергетыкі пабойваліся. Святлана вельмі ганарылася, што Данька працуе менавіта з ёю. Будзь яна адна, яна б ніколі не адважылася і на палову тых заданняў, на якія спакойна хадзіла з ім. Мёд быў у маленькай плястыкавай скрыначцы, і Данька пад паблажлівым Святланіным поглядам з’еў яго ўвесь зараз. Фрыкадэлькі таксама зніклі непрыкметна. Гарбата была гарачая, сонейка – ласкавае, і хлопчык добра ўпацеў: струменчыкі поту беглі па ягоным твары, і гэта вельмі радавала Святлану. Яна адчувала, што хвароба да Данькі больш не вернецца.
Пасля снедання хлопчык мінут дзесяць пакачаўся на канапе, ператраўляючы смачную ежу, а потым залез пад душ, каб змыць з сябе астатак хваробы. Калі, удосталь памокшы пад гарачымі струменямі, ён нарэшце паявіўся з ваннай, вясёлы, з растрапанымі валасамі, захутаны ў шырокі мяккі зялёны халат, Святлана канчаткова супакоілася. Яна сама прычасала Даньку, знайшла яму ў шафе чыстую бялізну. Хлопчык цярпліва дазваляў дзяўчыне аб ім клапаціцца, хаця не вельміта любіў такую дробязную апеку і звычайна ўсё рабіў сам, нават тое, што часам і можна, і трэба бывала даручыць даросламу. Самастойнасць таксама была адною з рысаў Данькавага характару, якая вельмі падкупляла ўсіх, хто яго знаў, і якая, бадай, толькі Святлане здавалася трошкі прыкрай: дзяўчыне пастаянна хацелася рабіць што‑небудзь для Данькі, дапамагаць яму, адчуваць сваю неабходнасць, і яна засмучалася кожны раз, калі хлопчык часам не надта далікатна даваў ёй зразумець, што ён ужо не маленькі і хоча, каб яго паважалі, як роўнага.




Мне нравится:
0

Рубрика произведения: Проза ~ Фантастика
Количество рецензий: 0
Количество просмотров: 8
Опубликовано: 03.07.2018 в 09:59
© Copyright: Игнат Урсуляк
Просмотреть профиль автора






Есть вопросы?
Мы всегда рады помочь!Напишите нам, и мы свяжемся с Вами в ближайшее время!
1