ЦЁМНЫ АНЁЛ. АПОВЕСЦЬ. РАЗДЗЕЛ 2-6,7


6.
Таксі прыехала праз дзесяць мінут.
Як толькі кліентка нарэшце адбыла, Святлана з трывогай ухапілася за Данькаў лоб: хлопчык увесь гарэў.
– Ну вось трэба яго было сюды цягнуць з‑за такой дробязі! – усклікнула дзяўчына, паспешна вымаючы з кішэні таблеткі. – Глядзіце, у яго, напэўна, зноў трыццаць дзевяць!
– Дробязь не дробязь, а ён дапамог нам разабрацца, – адказаў Барыс і крыкнуў на кухню: – Цётка Вера, падушку і коўдру, хутка!
Святлана прымусіла Даньку выпіць лекі, асцярожна палажыла яго на канапу і накрыла коўдрай. Хлопчык кашляў і цяжка дыхаў, у ягоных грудзях хрыпела.
– Адмоўная энергія паўплывала... – прамовіў Барыс, робячы рукамі плаўныя пасы над Данькавай галавой. – Ад гэтай Ірыны Сяргееўны цёмная моц так і прэ. Я не біяэнергетык, але ўсё роўна адразу адчуў. Ну‑ну, нічога, жаўнер, ачуняеш.
– Давай я з ім пасяджу, Сцяпаныч, – прапанавала цётка Вера. – Падпраўлю хлапчука, як умею, па‑свойму.
– Толькі горай не зрабі, ведзьма, – сурова нахмурыўся Барыс.
– Не зраблю. Не знаеш ты мяне, ці што?
– Знаю, таму і гавару. У свядомасць яму не лезь, не твая там справа. І на нервы не цісні. Паспрабуй тэмпературу збіць.
– Паспрабую, – буркнула цётка. – А вы ідзіце вунь на кухню. Вам жа так і так пагутарыць трэба.
Пагутарыць сапраўды было аб чым.
– Я скардзіцца буду, Барыс Сцяпанавіч! – гаварыла Святлана сярдзіта, разліваючы гарбату і распячатваючы пачак вафляў. – Ён дзіцё, яму ўсяго дзесяць год! Хіба можна з ім так абыходзіцца!
– Так абыходзіцца ні з кім нельга, – адказаў Барыс, рыпаючы табурэткай, на якой сядзеў. – Можаш скардзіцца, тваё права. Мяне, між іншым, за каўнер трымаюць так жа, як і вас. Лічыш, што я вінаваты, пішы скаргу. Можа, дадуць вам якога лепшага кіраўніка.
– Ды я не на вас хачу скардзіцца! Што вы такое падумалі...
– А на каго? На начальства?
– Ну павінны ж у іх быць хоць якія‑небудзь маральныя прынцыпы!
– Пашукай, можа, знойдзеш, а пакуль што Даньку давядзецца працаваць, як і раней.
– На кватэру да кліенткі ён заўтра не пойдзе – не пушчу!
– Заўтра і не трэба. І ты можаш не хадзіць. Заўтра са мной Пеця пойдзе. Ён тэхнік, расстаўляць камеры – ягоная справа.
Барыс памаўчаў, пачакаў, пакуль Святлана сядзе насупраць яго і возьме свой кубачак гарбаты, і дадаў смутна:
– Я разумею твае пачуцці, Свет. Ты Данілку любіш, і табе яго шкада. Але, згадзіся, ніхто ж не вінаваты, што ён менавіта цяпер захварэў. Праца ў нас такая: няма чым заняцца – спім, але як толькі з’явілася справа – ногі ў рукі і ўколвай кругласутачна, пакуль усё ў норму не прывядзеш. Вас жа амаль два месяцы не чапалі, вы займаліся, чым хацелі. Ну, прастудзіўся наш жаўнер – што зробіш! Вясна, кожны трэці хварэе... Нічога, цётка Вера над ім павядзьмарыць, раніцой усё будзе о‑кэй.
– А начаваць яго тут пакінуць, ці што?
– Ну, а чаго? Няхай. Не цягнуць жа яго праз цэлы горад дадому. Заўтра яго забярэш.
Святлана ўздыхнула, падумаўшы, што так, бадай, сапраўды будзе правільна. Хоць і не любіла яна цётку Веру, але падымаць цяпер Даньку з пасцелі было ніяк.
– Абрыдла мне ўсё, – сказаў Барыс, гледзячы ў свой кубачак. – Калі я ў Афгане служыў, бэтээрам камандаваў, там, здаецца, усё ясна было: вось ты, вось – душман. А ў сваёй цяперашняй рабоце я, шчыра кажучы, ужо даўно ўсе арыентыры страціў. Хто мы такія? Чаму наогул працуем? Савецкая ідэалёгія афіцыйна паранармальных з’яваў не прызнае, а мы толькі тым і займаемся, што чарцей у чужых кватэрах ганяем. Дзе на Захадзе за гэта, можа, хоць добрыя грошы плоцяць, а ў нас... Тфу! Зрабіла дурніца‑баба сабе аборт, нажыла праблемаў на сваю дупу, а мы за ёю смецце выграбаць павінны... Вось Даньку ягоная маці ў свой час не забіла, падкінула дзіцячаму дому на ганак – выхавайце, маўляў, добрыя людзі, а я сама не магу... Так і жыве наш жаўнер, няўдалы кандыдат у анёлы. А той хлапчук, ач, менш удачлівы аказаўся.
– Вы думаеце, гэта анёл? – ціха спытала Святлана.
– Ну, а хто яшчэ? – паціснуў плячыма Барыс. – Цёмны ці светлы – гэта іншае пытанне, але што анёл – я ўпэўнены. Ненароджаным дзецям адна дарога – у анёлы. Больш ім няма куды падацца.
– Праз тое і поп не дапамог?
– Канечне. Якім бы анёл ні быў, а поп усё роўна за яго не свяцейшы.
– У анёлаў, кажуць, душы няма...
– Ну правільна. Якая можа быць душа ў таго, хто яшчэ не нарадзіўся! Душа чалавеку толькі пры нараджэнні даецца, а там, у чэраве, ён яшчэ бяздушны. Была б у забітага плода душа, выйшаў бы з яго прывід, хадзіў бы і выў па завулках, спакою шукаючы. А тут не прывід, тут адразу анёл: душы ж няма, ёсць толькі задума Божая... І вось наш анёл адшукаў сваю былую маці, залез у яе кватэру і жыве там паралельным жыццём, бо, напэўна, лічыць, што мае на гэта права.
– Чаму ж ён так доўга яе шукаў? Аборт яна зрабіла два гады назад, а бязладдзе ў кватэры, як яна цётцы Веры сказала, у яе пачалося толькі напрыканцы мінулага месяца.
– Ну, хто ж іх, анёлаў, ведае, – развёў рукамі Барыс. – Напэўна, нейкія прычыны для затрымкі былі. Што мы наогул ведаем пра свет анёлаў? Ды нічога. Столькі гадоў пайшло на вывучэнне, доследы, назіранні, але мы дзе былі з пасляваеннага часу, там і сёння стаім, ні на крок не прасунуўшыся. Быць можа, калі б мы мелі магчымасць супрацоўнічаць з заходнімі навукоўцамі, справа лепш бы ішла – у іх жа, як‑ніяк, і тэхніка не раўня нашай, і матэрыялу столькі назапашана дакументальнага... Вось бы для нас было залатое дно! Ды дзе там, хіба нас туды пусцяць! Яны ж нашы ідэалягічныя ворагі. А таго не разумеюць, што ў сапраўднай навукі ніколі не было і не будзе дзяржаўных граніцаў. Вось ты, напрыклад, Светка. Табе б пры нармальнай палітычнай сістэме працаваць дзе‑небудзь у лябараторыі, у белым халаціку хадзіць, а замест гэтага ты, маладая, прыгожая, перспектыўная, сядзіш тут са мной на гэтай смярдзючай кухні і выслухваеш істэрыкі дурнаватых цётак...
Святлана злёгку пачырванела і апусціла вочы. Занадта прыгожай яна сабе, шчыра кажучы, ніколі не лічыла – ёй, напрыклад, здавалася, што ў яе празмерна масіўны нос, які вельмі псуе ейны, у астатнім даволі прапарцыйны, твар. Аднак усе згаджаліся, што ў яе ідэальная фігурка, якую надзвычай выгадна прадкрэсліваюць яе заўсёдныя вузкія джынсы, і што доўгія, натуральна светлыя валасы ёй вельмі да твару. Ну, а што тычыцца перспектыўнасці, дык тут дзяўчына была без ілюзіяў: у яе фактычна не было ніякай адукацыі, яна пісала са страшэннымі памылкамі, вельмі мала ведала і добра ўмела рабіць толькі тое, што было заложана прыродай і не патрабавала з яе боку ні выхавання, ні дадатковых трэніроўкаў. Зрэшты, яна любіла кнігі і, маючы апошнім часам шмат нічым не занятых дзён, чытала клясічную літаратуру, каб хоць трошкі быць падобнай да інтэлігентнага чалавека. У раённай бібліятэцы яна была заўсёдніцай, і там думалі, што яна бярэ столькі кніг таму, што вучыцца ў нейкім інстытуце.

7.
Барыс устаў, падышоў да акна і адчыніў фортачку. У кухню, сапраўды смярдзючую, пацякло свежае веснавое паветра. Ужо пачынала змяркацца, блакітны прыцемак запаўзаў у кватэру і напаўняў сабою куты. З двара даносіліся галасы людзей, недзе бразгаў званком ровар. Барыс уключыў святло і вярнуўся на сваё месца.
– Усё‑такі мудрая наша цётка Вера, – прамовіў ён з усмешкай. – Сухі закон, гарэлкі не знойдзеш, за самагонку саджаюць, дык яна бражку ставіць. А што? У выпадку чаго, гэта не спіртное, а так, кампот...
Святлана не зразумела, навошта ён гэта сказаў. Калі б яна не ведала, што Барыс абсалютна непітушчы, дык магла б падумаць, што яму цяпер самому хочацца салодзенькай.
– Думаеце, візуальнае назіранне ў кватэры кліенткі дасць нам што‑небудзь, апрача звычайных кадраў, якіх у нашай калекцыі і так сотні? – спытала яна, каб пераключыць размову.
– Можа, і не дасць, – згадзіўся Барыс, – але па‑іншаму ж усё роўна нельга. Начальства запатрабуе справаздачы, а для яе патрэбны дакументальныя кадры з месца здарэння. Паглядзім, што там атрымаецца. Ва ўсякім разе, негатыўная энергія кліенткі дае мне падставу думаць, што справа там сур’ёзная. Магчыма, гэта нават цёмны анёл. Я з такім толькі аднойчы сутыкаўся...
– У Чарнобылі?
– Не, у Афгане. Тады я яшчэ, праўда, не ведаў, што гэта такое. Мне пазней растлумачылі. Непрыемная, вельмі непрыемная рэч.
– А як з гэтым змагацца, вы ведаеце?
– Я – не. І ніхто не ведае. Знікне – значыць, знікне, а не – дык нічога не зробіш. Мы з усёю нашай навукай і тэхнікай таксама не свяцейшыя за анёлаў. Мы можам толькі запісваць, вывучаць, рабіць вывады... Навошта ўсё гэта? Канечне, каб у перспектыве навучыцца кантраляваць падобныя з’явы. Але я асабіста ўпэўнены, што мы ніколі не навучымся.
– Вы сёння песіміст, Барыс Сцяпанавіч, – зазначыла Святлана.
– А я заўсёды песіміст, – адгукнуўся Барыс. – Дзіўна, што ты толькі цяпер гэта заўважыла.
– Вам нешта не дае спакою з нашай кліенткай? З ёю нешта не ў парадку? Угадала?
– Ды як табе сказаць?.. – Барыс пачухаў сабе шчаку, на якой ужо пачала прарастаць шчэць, паморшчыўся. – Ёсць тут адна цікавая рэч. Ведаеш, калі Данька сёння раптам сказаў, што гэтая Ірына Сяргееўна забіла свайго сына, я чамусьці чакаў, што яна нам не пра аборт, а пра нешта іншае раскажа.
– Пра што іншае?
– Дваццаць першага лютага... Я правільна памятаю? Дваццаць першага лютага ў ейнай кватэры ўпершыню з’явіўся палтэргейст. Так?
– Здаецца, так. Ва ўсякім разе, у папярэдняй гутарцы з цёткай Верай яна назвала менавіта гэтую дату.
– А сёння ў нас дваццаць сёмага сакавіка... Трошкі больш за месяц... Гм...
– А што вас трывожыць?
– Ды тут такія пірагі выходзяць, Свет... Канечне, цалкам магчыма, што гэта проста выпадковасць, але ж... Дваццатага лютага, гэта значыць, за дзень да нашай даты, скончыў самагубствам адзін студэнт – саскочыў з эстакады ля стадыёна. Памятаеш, пра гэта яшчэ ў газэтах пісалі? Пляснуўся проста пад колы машынам. Толькі цудам вялікая аварыя не сталася.
– Так, здаецца, нешта такое сапраўды пісалі. А вы што, ездзілі яго глядзець?
– Не я. Савіцкі ездзіў. Ягоная чарга была. Але якая розніца? Абрыдаў да чорта гэты бзік нашага начальства – кожнага самазабойцу кантраляваць. А што калі там нейкая паранармальная актыўнасць яго з эстакады саштурхнула? Або д’ябал скінуў, іншымі словамі...
– І што, Савіцкі нешта знайшоў?
– Ды ні фіга ён не знайшоў. Нічога анамальнага. Адно толькі цікава: у кішэні гэтага студэнта ляжала візітная картка, а на ёй – адрас нашай кліенткі.
– Мамачкі! – ахнула Святлана.
– Вось‑вось, – паківаў Барыс. – Следчы хадзіў да нашай Ірыны Сяргееўны, пытаў, адкуль картка і ці знае яна студэнта. Тая ўсіма багамі прысягнулася, што з самазабойцам незнаёмая і ніякай карткі яму не давала. А на другі дзень у яе кватэры з’явіўся палтэргейст. Вось я і падумаў сёння, што наша кліентка нам пра гэта раскажа. Але яна не расказала.
Ён замоўк. Святлана таксама маўчала.
– З’ездзіла б ты з Данькам на нашы гарадскія клады, – ціха папрасіў Барыс пасля доўгай паўзы. – Пашаманіла б над магілай гэтага студэнта. Я табе падрабязную паперку напішу, як яе знайсці. Не заўтра, канечне. Сама час выберы. З’ездзіш?
Святлана апусціла галаву:
– Даўнютка на кладах не была. З’ежджу, чаго там...
– Дзякую, дзяўчынка, – прамовіў Барыс. – Толькі калі працаваць будзеш, пастарайся бар’ер ад негатыўнай энергіі паставіць. Ведаю, слабая абарона, але ўсё‑такі лепш, чым нічога.
– Пастараюся, – кіўнула Святлана. – Толькі калі Савіцкі з усім сваім калясальным вопытам нічога не выявіў, дык няўжо мы выявім?
– Ну, па‑першае, у Савіцкага няма нашага Данілкі, – усміхнуўся Барыс, – а па‑другое, я амаль упэўнены, што ён не вельміта і стараўся што‑небудзь выявіць. Ты маеш рацыю, вопыт у яго велізарны – як‑ніяк, ён найстарэйшы супрацоўнік Інстытуту. Але менавіта гэты вопыт і робіць яго снобам. Ён лічыць ніжэйшым за сваю годнасць займацца банальнымі самазабойцамі і таму падыходзіць да справы чыста фармальна: замераў энергетычны ўзровень, агледзеў візуальна, памацаў датчыкамі, і калі нічога не зашкальвае, значыць, усё ў парадку. А вы вазьміцеся за гэта па‑свойму, так, як толькі вы можаце. Тады, магчыма, і рэзультаты будуць іншымі.
– Савіцкі са сваімі, нябось, на клады не паедзе... – уздыхнула Святлана.
– Таму я і прашу не яго, а вас, – прамовіў Барыс. – Савіцкі, напрыклад, і на кватэру з палтэргейстам ніколі не паедзе. А я паеду. У гэтым і розніца.
Святлана кіўнула – яна ўсё разумела.




Мне нравится:
0

Рубрика произведения: Проза ~ Фантастика
Количество рецензий: 0
Количество просмотров: 9
Опубликовано: 03.07.2018 в 09:58
© Copyright: Игнат Урсуляк
Просмотреть профиль автора






Есть вопросы?
Мы всегда рады помочь!Напишите нам, и мы свяжемся с Вами в ближайшее время!
1