ЦЁМНЫ АНЁЛ. АПОВЕСЦЬ. РАЗДЗЕЛ 1-18,19


18.

Сярожкава кватэра была вялікая, трохпакаёвая, з высокімі вокнамі і столямі. Гасціная, куды ён увайшоў, была абсталяваная добрай мэбляй яўна не нашай вытворчасці: мяккі гарнітур, сервант з фарфорам, кніжная шафа, каляровы тэлевізар, шпулечны магнітафон і пасярэдзіне – столік з цёмнай паліроўкай. На падлозе і сценах былі дываны – падобна, што натуральныя, з мудрагелістым арнаментам ва ўсходнім стылі. Усё гэта здалося Кірылу надзвычайна раскошным. Ва ўсякім разе, сам ён ніколі так не жыў: у бабулінай вясковай хаце не было ні дываноў, ні гарнітураў, а старэнькі тэлевізар «Рэкорд» быў чорна‑белы і паказваў нейк ненатуральна, расцягнута і крыва. Што ж, відаць, калісьці для нашай дзяржавы і такія тэлевізары былі рэкордам, раз так назвалі.
Кірыл нясмела прысеў на краёк канапы – было нейк боязна дакранацца да гэтай дарагой, чыстай, прыгожай мэблі, што стаяла, нібыта ў краме. Відаць, Сярожкавы бацькі былі заможныя людзі, раз маглі сабе ўсё гэта дазволіць. А што? Маці на фабрыцы шампуняў, канечне, мела добры заробак – Кірыл чуў, што на падобных прадпрыемствах заўсёды шмат плоцяць. Дый бацька Сярожкі – хто знае, які ён доктар. Можа, дантыст, а дантысты ўсе багатыя. Хай нават ён цяпер і не жыве са сваёю жонкай, але жыў жа раней. Што ж, гэтая гасціная ўвасабляла сабою даволі высокі ўзровень дабрабыту, наогул даступнага савецкаму чалавеку, і Кірыл па‑добраму пазайздросціў Сярожку, у якога ўсё гэта было.
Наогул Кірыл рэдка хадзіў у госці і, прызнацца, не вельміта любіў гэта рабіць. У чужой кватэры ён заўсёды адчуваў сябе ніякавата, фактычна не ўмеў сябе паводзіць правільна за сталом, не ведаў, што трэба гаварыць гаспадарам у тым ці іншым выпадку і як належным чынам развітацца, калі хочацца пайсці. Нават у прысутнасці Антаніны Язэпаўны, пры якой, здавалася б, жыў ужо дастаткова доўга, каб асвойтацца, ён увесь час бянтэжыўся і, чым больш паважаў гэтую жанчыну, тым больш пакутаваў ад неадчэпнага страху зрабіць нешта такое, што магло б яе пакрыўдзіць. Цяпер жа, у багатай Сярожкавай кватэры, ён зусім сумеўся, тым больш што дакладна не разумеў, што тут робіць, і гэта было, бадай, горай за ўсё. Ён разлічваў, што яго сустрэне мама хлопчыка, якая, можа, і праўда цікавіцца вершамі, – тады яны б, напэўна, знайшлі агульную тэму для размовы і вечар прайшоў бы непрыкметна. Але мамы дома не было, а пра што размаўляць з Сярожкам, Кірыл уяўлення не меў. Хіба што зноў пра анёлаў. Але гаварыць пра гэта, канечне ж, было ўжо і неразумна, і смешна. А падтрымліваць размовы на традыцыйныя, нейтральныя тэмы Кірыл проста своечасова не навучыўся. Не, што ні кажы, а ён ужо пачынаў шкадаваць, што згадзіўся сюды зайсці. Што магло быць агульнага паміж ім, дарослым ужо чалавекам, і маленькім дзевяцігадовым хлопчыкам, хай нават не па гадах разумным, таварыскім і смелым!.. Кірылу захацелася дадому. «Цікава, што падумалі тыя бабкі, якіх я распытваў пра Ірыну Сяргееўну? – варухнулася ў ягонай галаве непрыемная думка. – І чаму яны сказалі, што Сярожка тут не жыве? Не маглі ж яны не ведаць! Падобныя пенсіянеркі звычайна ведаюць пра ўсіх жыхароў у доме. Як жа яны наконт Сярожкі памыліліся?»
З суседняга пакоя паявіўся Сярожка. Ён быў у зялёных атласных спартыўных трусіках‑баксёрках і такой жа майцы без рукавоў. Кірыл здзіўлена зірнуў на яго са сваёй канапы, як быццам было нешта незвычайнае ў тым, што хлопчык пераадзеўся.
– Ну, што, агледзеўся ўжо? – спытаў Сярожка з парога.
– Добра ты жывеш, – сказаў Кірыл, – прыгожа. І тэлевізар у цябе каляровы.
– А што з тэлевізарам? – не зразумеў хлопчык.
– Ды так... Проста я ўсё жыццё, колькі сябе памятаю, марыў мець менавіта такі. У нашай вёсцы каляровы тэлевізар быў толькі ў хаце дырэктара школы. Я зрэдку заходзіў, бачыў, як яны ўсёю сям’ёй сядзяць у гасцінай перад гэтым цудам, і мне рабілася страшэнна зайздросна – аж да слёз. Мне здавалася тады, што без такога тэлевізара немагчыма быць шчаслівым чалавекам.
– А цяпер ужо так не здаецца?
– Бадай што не. Але ўсё роўна... у мяне такога ніколі не будзе.
– Адкуль ты можаш ведаць? Пажывеш – прыдбаеш, – суцешыў яго Сярожка. – У цябе жыццё яшчэ до‑оўгае, усё можа стацца.
– Лёгка табе гаварыць... Глядзі, а то я яшчэ і паверу.
– А ты і павінен мне верыць, – раптам, сцішыўшы голас, цвёрда прамовіў хлопчык, гледзячы Кірылу проста ў твар. – Заўсёды, усюды і ва ўсім. А іначай навошта мне было цябе выратоўваць? – І тут жа дадаў ужо звычайным тонам, весела бліснуўшы вачыма: – Ну, дык хадзем на кухню, ці што? Я не ведаю, што значыць «прыняць, як дарагога госця», але накарміць я цябе накармлю. Ёсць цудоўны боршч – мама згатавала. Ёсць сыр, кілбаса, яйкі. Ты яечню з кілбасой умееш? Я таксама не ўмею, але што‑небудзь прыдумаем, праўда? Давай, хадзем!
Кухня была параўнаўча невялікая для падобнай кватэры, але ідэальна чыстая і ўпарадкаваная – відаць было, што гаспадыня, якая, несумненна, праводзіла тут больш за ўсё часу, любіла сваю вотчыну і таму клапацілася, каб кожная рэч тут стаяла на сваім месцы, у любы момант гатовая да скарыстання. Апрача халадзільніка і электрычнае пліты, тут быў белы плястыкавы стол з некалькімі крэсламі, вісячая шафа для посуду і сухіх прадуктаў, а над фаянсавай ракавінай, на прымацаванай да сцяны размаляванай дошцы, віселі розныя апалонікі, вялікія лыжкі, металічныя таркі і патэльні.
– Сядай, – сказаў Сярожка, выцягваючы з халадзільніка каструлю з баршчом і ставячы яе на фаерку пліты. – Зараз падагрэем. Мама кажа, што гэта не звычайны боршч, а чарадзейны. Ведаеш, колькі ў ім розных траўкаў‑зёлкаў! Іх маме з Сібіру прысылаюць – сапраўдныя, у глыбокай тайзе вырашчаныя, экалягічна чыстыя. У нашых лясах пасля Чарнобылю такіх не знойдзеш, дый не растуць у нас некаторыя зёлкі. Іх толькі ў Сібіру і збіраюць – маралавы корань, напрыклад. Хто такога баршчу паесць, той адразу стане здаровым, дужым і цягавітым. Вось і ў цябе рука абавязкова загоіцца і сэрца больш ніколі балець не будзе.
– А адкуль ты ведаеш пра маё сэрца? – каторы ўжо раз здзівіўся Кірыл.
Хлопчык паглядзеў на яго цёплымі вачыма і нейк вельмі па‑добраму ўсміхнуўся сваімі ямачкамі:
– Я ж твой анёл, хіба ты забыў? Я ўсё пра цябе ведаю.
«Жартуе ён або сур’ёзна?» – унутрана напружыўся Кірыл.
А Сярожка ўжо выстаўляў на стол талеркі, вымаў з халадзільніка сыр, яйкі, вяндліну, масла ў плястыкавай скрыначцы, рэзаў хлеб, ставіў на пліту патэльню, каб падсмажыць яечню. Так, падобна, што вячэра сапраўды атрымлівалася на славу, – такіх прадуктаў Кірыл ужо даўно не бачыў. Відавочна, крамы і талёны для Сярожкавых бацькоў былі не праблема – ясна, што падобную ежу не купляюць, стоячы ў чэргах.
Хлопчык увіхаўся ля пліты. Вядома ж, на кухні ён быў далёка не навічок і, канечне, добра ўмеў яечню. І не толькі яечню. Кірыл нават падумаў, што, магчыма, і боршч Сярожка таксама згатаваў сам, – а што, паняволі навучышся, калі мама цэлы дзень на рабоце! «Анёл гатуе боршч на звычайнай савецкай кухні...» – у думках усміхнуўся Кірыл, гледзячы, як пад зялёнай Сярожкавай майкай варушацца маленькія вострыя лапаткі.
– Цікава, дзе ты свае крылы хаваеш? Не пад майкай жа!..
Сярожка паглядзеў на яго цераз плячо, незадаволена ссунуў бровы:
– Будзеш сябе добра паводзіць, дык, можа, і пакажу. А пакуль што не хочаш вяндліну парэзаць? Адной рукой патрапіш?
Кірыл зразумеў, што гэта пакаранне за доўгі язык, моўчкі ўзяў нож і пачаў рэзаць вяндліну, асцярожна прытрымліваючы яе пальцамі,якія тырчалі з‑пад гіпсу.
Неўзабаве яечня весела і апетытна затрашчала на патэльні. Боршч ужо таксама быў гатовы. Сярожка спрытна намазаў кавалачкі хлеба маслам, палажыў на кожны танюткую лустачку сыру і, як сапраўдны спрактыкаваны кухар, апалонікам паразліваў боршч у талеркі.
– Ну, смачнага! Давай есці. Я таксама галодны.

19.

Боршч сапраўды меў даволі незвычайны, хаця і вельмі прыемны смак. Кірыл асцярожна сёрбаў, прыкусваючы хлеб з маслам і сырам, і раз‑пораз паглядаў на хлопчыка, які, седзячы за сталом насупраць яго, еў з апетытам, і ягоная талерка пусцела значна быстрэй, чымся талерка Кірыла. Адчуваючы на сабе погляды, Сярожка спачатку дэманстратыўна ігнараваў іх, але потым цярплівасці ў яго не хапіла, ён палажыў лыжку і сказаў амаль сярдзіта:
– Я не магу есці, калі на мяне так вочы лупяць! Ты што, баішся мяне, ці што?
Кірыл увесь пачырванеў ад сораму, злавіўшы сябе на там, што гэта праўда: ён на самай справе баяўся. Канечне, гэта быў не такі страх, ад якога трасуцца паджылкі і ляскаюць зубы, – для падобнага, здавалася б, тут не было ніякай прычыны. Не, гэта была боязь, якую перажывае чалавек, калі не разумее сваёй ролі ў той ці іншай сітуацыі, якая, тым не менш, выглядае для яго сур’ёзнай і адказнай і вынікаў якой ён не можа прадугледзець праз сваю непаінфармаванасць. Ён разумеў, што гэта ўжо становіцца неадчэпнай ідэяй, але думка пра тое, што перад ім сядзіць маленькі анёл, не пакідала яго. Як трымаць сябе? Рабіць выгляд, што нічога незвычайнага не адбываецца? Або наадварот? А што наадварот? Вар’ятам выглядаць Кірылу зусім не хацелася.
– Дарэмна я сюды прыйшоў... – прамармытаў ён, таксама адлажыўшы лыжку.
– Чаму гэта? – пацікавіўся Сярожка незадаволена.
– Няправільна гэта ўсё... – Кірыл утаропіўся ў сваю талерку. – Я дурнем сябе пачуваю. Табе я, канечне, здаюся вельмі смешным. Так, ты з мяне смяешся, і гэта, напэўна, правільна, таму што я зусім заблытаўся і не ведаю, куды зрабіць наступны крок.
– І калі гэта я з цябе смяяўся?
– Ты сам кажаш, што ты мой анёл, а калі пра гэта пачынаю гававрыць я, ты сярдуеш. Навошта так? Табе падабаецца глядзець на маю збянтэжаную морду? Аўжож, я збянтэжаны, таму што не разумею правілаў гульні. Або ты не анёл, і тады, значыць, я звар’яцеў ад таго, што выцяўся галавою, або ж я не вар’ят, але тады... Чаму ты не хочаш мне ўсё растлумачыць раз назаўсёды? Я бачыў твае крылы. Бачыў там, пад эстакадай. Скажы, што гэта была галюцынацыя, і я паверу табе і супакоюся. Напэўна, табе цяжка зразумець, што я адчуваю, таму што ты яшчэ маленькі. Чаму ты проста не пакінуў мяне ў спакоі? Навошта запрасіў сюды? Мне нічога не трэба, я толькі хачу зразумець, нармальны я ці не.
Ён апусціў галаву і замоўк.
Сярожка павольна ўстаў са свайго месца, прыблізіўся да яго і асцярожна дакрануўся пальцамі да ягонай рукі:
– Даруй, Кір... Я не ведаў, што гэта для цябе так сур’ёзна...
– Чаму мяне выратавалі? Чаму не далі памерці? – спытаў Кірыл ужо са слязьмі ў голасе. – Я шчыра хацеў, каб маё жыццё скочылася. І калі ты думаеш, што гэта праз грошы, дык не, не праз іх.
– Я ведаю, што не праз іх, – прамовіў хлопчык ціха. – Праз іх ты ніколі не скокнуў бы з эстакады. Але паміраць усё роўна не трэба, якая б тут прычына ні была. І не таму, што гэта, як кажуць, грэх і ўсе самазабойцы адразу трапляюць у пекла. Не, гэта няпраўда. Ніякага пекла, толькі спакой і цішыня, але справа не ў гэтым. Кажу так, таму што сам паміраў. Не верыш? А я паміраў. Гэта вельмі страшна і балюча
– Ты? Паміраў? – усё навокал зноў пачало здавацца Кірылу нерэальным.
– Так, – кіўнуў Сярожка. – Мяне забівалі. Забівалі павольна і бязлітасна. Калі доўгі і тонкі дрот с кручком на канцы ўваходзіць у тваё цела і раздзірае яго на шматкі, гэта вельмі балюча і страшна. Павер мне, калі ласка, павер: якім бы страшным і бязвыхадным не здавалася жыццё, – момант смерці, той, калі ты ўжо разумееш, што памёр, але цябе яшчэ нешта трымае тут, на гэтым свеце, у сто разоў страшнейшы. Ніколі не трэба спяшацца яго перажыць, таму што ён цягнецца неймаверна доўга, цэлую вечнасць, і немагчыма дачакацца, калі ён нарэшце скончыцца. Менавіта пакуты гэтага моманту і называюцца пеклам.
– Ты анёл! – шапнуў Кірыл са страхам і захапленнем. – Цяпер я ў гэтым упэўнены! Звычайны дзевяцігадовы хлопчык не можа так гаварыць!
– Я буду тваім анёлам, – прамовіў Сярожка і пагладзіў яго далонькай па шчацэ. – Толькі тваім. Ты не можаш сабе ўявіць, наколькі я адзінокі. Мне абавязкова патрэбны сябар. Стань маім сябрам, а я буду тваім анёлам і ніколі не дам цябе ў крыўду. Я павяду цябе па жыцці, ты будзеш шчаслівым, ты напішаш шмат новых вершаў, станеш вядомым, твае творы будуць вывучаць у школах і інстытутах. Слова гонару, я не падманваю, так абавязкова будзе, толькі дазволь мне заўсёды трымаць цябе за руку. Я маленькі, і мне абавязкова трэба трымаць каго‑небудзь за руку.
Усё паплыла перад вачыма Кірыла: кухня, акно, Сярожкаў твар, стол, талеркі... Ён зразумеў, што траціць прытомнасць, ухапіўся рукамі за край стала і разам з ім і ўсім посудам упаў на падлогу.





Мне нравится:
0

Рубрика произведения: Проза ~ Фантастика
Количество рецензий: 0
Количество просмотров: 11
Опубликовано: 01.07.2018 в 13:49
© Copyright: Игнат Урсуляк
Просмотреть профиль автора






Есть вопросы?
Мы всегда рады помочь!Напишите нам, и мы свяжемся с Вами в ближайшее время!
1