ЦЁМНЫ АНЁЛ. АПОВЕСЦЬ. РАЗДЗЕЛ 1-15,16,17


15.
Вярнуўшыся з інстытуту дадому, ён перш за ўсё аддаў усе даўгі Антаніне Язэпаўне.
– Ты што, скарб знайшоў? – здзівілася тая, а калі Кірыл растлумачыў, адкуль грошы, вельмі ўзрадавалася: – Ну вось, цяпер у цябе ўсё будзе добра! Бачыш, як жыццё павярнулася! Ніколі не трэба падаць духам. Давай з гэтай нагоды гарбаткі пап’ем. Я выдатную індыйскую гарбату на талёны выкупіла, і клубнічнае варэнне яшчэ ад пірага засталося. Хадзем, хадзем.
Ноччу, лежачы ў сваёй пасцелі, Кірыл доўга не мог зуснуць. Ён паспрабаваў уявіць сабе, як заўтра пасля лекцыяў пойдзе ў госці да Сярожкі, і раптам зразумеў, што страшэнна баіцца. Пачуццё хісткасці быцця, уласцівае яму амаль з маленства, цяпер абвастрылася да напружанай хваравітасці. Ён бачыў, што ягонае жыццё з волі нейкіх невядомых сіл пачало мяняцца самым радыкальным чынам і што ён не здольны ўплываць на гэты працэс і, тым больш, кіраваць ім. Хтосьці невядомы і магутны ўзяў яго за руку і павёў абсалютна іншай дарогай, чымся тая, якою ён ішоў раней, самастойна. На новай дарозе ўсё было святлейшае, раўнейшае і лепшае, але ў Кірыла раптам узнікла думка, што бяплатным бывае толькі сыр у пастцы, а значыць, рана ці позна яму давядзецца заплаціць па рахунках за атрыманыя ім цяпер даброты. Як заплаціць? Ён уяўлення не меў. «Але хіба анёлы могуць быць карыслівымі?» – спытаў ён сябе і тут жа падумаў, што анёлы таксама бываюць розныя – светлыя і цёмныя. Пра цёмных анёлаў ён нешта чуў ад бабулі – нешта незразумелае і няпэўнае. Цяпер гэты далёкі ўспамін напоўніў ягонае сэрца трывогай. Не хацелася верыць, што Сярожка можа аказацца цёмным – занадта ўжо ясным і шчырым здаваўся ён тады, у шпіталі. А што калі Кірыл сапраўды хворы ад таго, што выцяўся галавой? Што калі ён выдумаў усё пра анёлаў, а на самай справе Сярожка – проста звычайны хлопчык, і няма ў ім нічога асаблівага? Але крылы – велізарныя белыя крылы!.. Кірыл ніяк не мог прымусіць сябе згадзіцца з тым, што яны яму толькі здаліся.
За акном у святле ліхтара зноў круціўся снег. Ён гіпнатызаваў Кірыла. Кругавярчэнне сняжынкаў уваходзіла ў ягоную свядомасць, робячы нерэальным усё ў пакоі. Напэўна, Кірыл ужо пачаў засынаць, таму што ціхі голас, які раптам загучаў у ягонай галаве, можна было растлумачыць толькі станам гіпнатычнае паўдрымоты, калі рэчаіснасць няўлоўна пачынае змешвацца са сном. «Ты ўсё жыццё чагосьці баяўся, – казаў голас. – Цяпер не бойся нічога. Больш не будзе ні страху, ні болю, ні няўдачаў. Папераду доўгая і шчаслівая дарога. Яна не скончыцца, пакуль ты не выканаеш усё, чаго ад цябе чакаюць. Табе дадзена, і ты будзеш рабіць тое, што дадзена. Гэтым ты заплоціш за ўсё; іншага ніхто ад цябе патрабаваць не будзе».
Цёплая маленькая далонька пагладзіла Кірыла па твары, і ён заснуў, адчуваючы сябе свабодным і бязгрэшным, як быццам адлік ягонага існавання пачаўся толькі ў гэтую хвіліну, а тое, што было раней, аказалася проста перакрэсленым, або нават не перакрэсленым, а бясследна сцёртым.

16.
Аднак, прачнуўшыся раніцой, ён адчуў, што ўсе ягоныя сумненні і страхі ўзняліся ў ім з новай сілай, як узбіты вяслом глей з дна возера. «Так і звар’яцець нядоўга...» – падумаў Кірыл, успамінаючы свой дзіўны сон. Не хапала толькі, каб яму пачалі чуцца галасы.
Увесь час да абеду Кірыл правёў у велічэзнай чарзе ў гастраноме, атаварваючы талёны. Да канца месяца заставалася не так многа, і, калі не выкупіць прадукты цяпер, потым усе талёны стануць несапраўднымі, а гэта было крыўдна, асабліва пасля таго як у Кірыла нечакана паявіліся грошы.
Выкупіць удалося паўкіло кілбасы, бутэльку алею, трыста грамаў масла сметанковага і пакет сухога малака. Супнаборы за тры чалавекі да Кірыла скончыліся, а стаяць яшчэ адну чаргу ў аддзел, дзе выдавалі маргарын, ужо не было часу – трэба было спяшацца ў інстытут.
Усю другую палову дня ён быў рассеяны і задуменны, лекцыі слухаў і не чуў, па калідорах хадзіў з апушчанай галавой і вітаўся з выкладчыкамі па два‑тры разы, ад чаго тыя здзіўлена паціскалі плячыма.
На перапынку ў інстытуцкай сталоўцы Кірыл заказаў сабе комплексны абед, чаго раней ніколі не рабіў, і еў павольна, час ад часу нешта запісваючы на сурвэтцы. Гэта ў ягоную галаву зноў прыходзілі радкі, якія не маглі яшчэ называцца вершамі, але ўжо мелі і сэнс, і рытм, і мелёдыю, да якіх пазней трэба было толькі прыкласці трохі старання і засяроджанасці, каб ператварыць іх у закончаны твор.
Новага сшытку сабе Кірыл пакуль што так і не купіў.
Увечары, пасля лекцыяў, вісячы на парэнчах у перапоўненым аўтобусе і з усяе сілы засцерагаючы загіпсаваную руку ад націску пасажыраў, ён пакутліва стараўся сцяміць, дзе яму лепш выйсці, каб хутчэй адшукаць Сярожкаў дом. Ён прыблізна ўяўляў сабе, у якім раёне можа гэты дом знаходзіцца, і ўсё‑такі памыліўся і выйшаў на адзін прыпынак раней, чым належала.
Было ўжо зусім цёмна, хаця цемра канца лютага была ўжо не такой шчыльнай і больш нагадвала веснавую, чым зімовую. Было зусім не холадна, снег пад нагамі, вільготны, падталы за дзень, прасядаў, як мокрая вата. Збочыўшы з вуліцы ў двары, Кірыл пачаў шукаць патрэбны яму дом, але, праблукаўшы са чвэрць гадзіны, зразумеў, што сам з гэтай задачай не справіцца: усе будынкі былі аднолькавыя, як у фільме «С лёгким паром!», а нумары на многіх з іх папросту адсутнічалі. Канечне, трэба было ў каго‑небудзь спытацца, але народу ў дварах было мала, трапляліся, у асноўным, падазроныя зграйкі падлеткаў, якія Кірыл лічыў за лепшае абмінаць, таму што баяўся, што да яго прычэпяцца. Нарэшце ён звярнуўся па дапамогу да немаладой цёткі, якая стаяла перад пад’ездам, трымаючы за павадок дзябёлага гультаяватага мопса з непераўзыдзена пачварнай мысай. Цётка падумала, паглядзела па баках.
– Нешта не магу скеміць... – прамармытала яна. – Дзе ж гэты дом? Тут, здаецца, і няма такога. Ты спытай лепш вунь у дзядзі Лёні. Ён тутэйшы паштальён і ўсе адрасы ведае.
Дзядзя Лёня, на якога яна паказала, капаўся ў багажніку свайго «Масквіча», падсвечваючы сабе ліхтарыкам.
– Гэта праўда, няма такога дома, – сказаў ён у адказ на пытанне Кірыла. – І не было ніколі. Тут самы вялікі нумар – 56, а табе шэсцьдзесят два трэба. А ты каго шукаеш, хлопец? Можа, я з прозвішча знаю?
– Ірыну Сяргееўну Лортман, – адказаў Кірыл.
Паштальён задумаўся:
– Ірыну Сяргееўну? Гэта хімічку, напэўна? Доктараву жонку? Дык яна ву‑унь у тым доме жыве, бачыш? Толькі лічыцца ён не па Маякоўскага, а па Новай Індустрыяльнай. Так, правільна, Новая Індустрыяльная, шэсцьдзесят два.
Кірыл падзякаваў і пайшоў да дзевяціпавярховага будынку, на які яму паказалі. Дзіўна, чаму ж у візітнай картцы была памылкова напісана вуліца? Зрэшты, якіх толькі памылак у жыцці не здараецца, асабліва калі шукаеш дом, дзе жыве анёл, што нядаўна цябе выратаваў.

17.

Вокны дзевяціпавярхоўкі ўтульна свяціліся ў вечаровай цемры. На ўсякі выпадак, для ўпэўненасці, Кірыл спытаўся пра Ірыну Сяргееўну яшчэ раз – у трох бабулькаў, што гавэндзілі на ганку аднаго з пад’ездаў.
– Ёсць, жыве такая, – адказвалі бабулькі. – Вунь там, у трэцім пад’ездзе, восьмы паверх, кватэра трыццаць дзевяць. Толькі яе дома няма, яна гадзіну назад на работу ў начную пайшла.
Кірыл трохі разгубіўся. Ён нават падумаў, ці варта ісці ў госці, калі гаспадыні няма, а дома толькі Сярожка. Дый ці дома ён наогул?
– А табе яна навошта, гэтая Ірына Сяргееўна? – спытала адна з бабулькаў, бачачы ягоную нерашучасць.
– Я ёй сшытак пакінуў... – адказаў Кірыл першае, што прыйшло ў галаву. – Трэба абавязкова забраць. Можа, муж яе дома? Вы не ведаеце?
– Гэта ты пра доктара? – адразу ажывіліся бабулькі, відаць, учуўшы блізкую сваім інтарэсам тэму. – Ды ён з ёю ўжо два гады як не жыве. Заходзіць зрэдку, а так у яго ўжо даўно маруха, пры ёй і туліцца. Вось жа людзі: і не разводзяцца, і жыць не жывуць! А яшчэ інтэлігенцыя!
– А іхні сын? – ухапіўся Кірыл за апошнюю нітачку. – Ён дома?
– Які сын? – дружна здзівіліся бабулькі.
– Ну, хлопчык, Сярожка.
– Няма ў іх ніякага сына, – алказвалі бабулькі пераглядаючыся. – Гэта табе, хлопец, нехта няправільна сказаў. Дачка ў іх, ужо дарослая, у Іркуцку, здаецца, жыве. А хлопчыка ніякага няма.
Кірыл адышоў ад іх, абсалютна нічога не разумеючы. Ясна было адно: выйшла нейкая дзікая памылка. І яшчэ адно было ясна: у кватэры нумар трыццаць дзевяць Кірылу няма чаго рабіць. Хто і навошта пераблытаў адрасы, таксама высвятляць наўрад ці было трэба. Ва ўсякім выпадку, Кірыл вырашыў, што зараз вернецца дадому, а заўтра патэлефануе Сярожку і растлумачыць, чаму не прыйшоў у госці. Ён ужо пабрыў быў прэч, калі раптам яго паклікалі па імені.
Ён павярнуўся.
Проста перад ім, усміхаючыся сваімі прамяністымі ямачкамі на шчоках, стаяў Сярожка ў чырвона‑сіняй цёплай куртачцы і вязанай шапачцы з пампонам.
– Прывітанне! – сказаў ён і, як старому знаёмаму, працягнуў Кірылу руку.
– Прывіианне... – сумеўся той, паціскаючы яе. – Слухай, тут кажуць, што ты тут не жывеш. Я шукаў, шукаў...
– Жыву, жыву! – весела адказаў хлапчук. – Ты, напэўна, Лортмана шукаў, а я ж Багінскі. Я забыў табе сказаць, што ў мяне прозвішча татава, а не маміна.
– Ды тут і вуліца іншая...
– Чаму? Гэта ж рагавы дом: па Маякоўскага ён нумар дзевятнаццаць, а па Новай Індустрыяльнай – шэсцьдзесят два.
– Ну вось, а я зусім заблытаўся...
– Хадзем! – Сярожка ўзяў яго за локаць. – Не бойся, хадзем! Дома, праўда, нікога няма, але мама сказала, каб я цябе прыняў, як дарагога госця, а сама тэрмінова на работу пабегла – там у іх нехта захварэў, абавязкова трэба замяніць, хаця ў яе сёння выхадны мае быць.
Зусім збіты з панталыку, Кірыл паслухмяна пайшоў за хлопчыкам у пад’езд.
Ліфт дзейнічаў, і гэта надзвычай узрадавала Кірыла – узысці на восьмы паверх па лесвіцы з ягоным хворым сэрцам было б не так лёгка.
Усе сцены ў кабіне былі густа спісаныя: імёны, чыесьці тэлефоны, традыцыйныя формулы тыпу «Лена+Косця», нядобрыя словы пра фізіялёгію чалавека і недвухсэнсоўныя рысункі на тую ж самую тэму. Было проста дзіўна, як людзі паспявалі напісаць і намаляваць усё гэта за тыя секунды, што ліфт рухаўся паміж паверхамі. Цьмяная лямпачка на столі раз‑пораз трывожна мігала. Гэта было непрыемна – у галаву прыходзілі думкі пра тое, што зараз святло згасне, кабіна спыніцца, і колькі часу давядзецца правесці ў ёй, пакуль хто‑небудзь не прыйдзе табе на дапамогу, – невядома.
– Не звяртай увагі, – суцешыў Кірыла Сярожка, заўважыўшы, з якім недаверам той глядзіць на лямпачку. – Яна заўсёды так.
З ліфту Кірыл выйшаў з пачуццём вялікай палёгкі на душы. На шырокай, ярка асвечанай лесвічнай пляцоўцы ў адным куце стаяла дзіцячая каляска, у другім – вядро са смеццем, а пасярэдзіне ляжаў на зялёным плеценым палавічку шэры мардаты кот.
– Васільдзіч, Васільдзіч! – паклікаў яго Сярожка і растлумачыў Кірылу: – Гэта суседскі. Цёткі Тані, відаць, яшчэ дома няма, вось і чакае...
Кот паглядзеў на хлопчыка нейк спадылба і замружыўся, злёгку варухнуўшы хвастом.
Пашнарыўшы ў кішэні курткі, Сярожка выняў ключ і адамкнуў карычневыя фарбаваныя дзверы з нумарам трыццаць дзевяць:
– Заходзь, Кір. Можна, я буду зваць цябе Кірам?
– Як Булычова? Можна... – паціснуў плячыма Кірыл, ступаючы за хлопчыкам цераз парог.
– Распранайся, – Сярожка зачыніў дзверы, уключыў святло і сам борздзенька сцягнуў з сябе куртку, скінуў чаравікі. – Павесь вось тут і праходзь. Я зараз.
І пабег у пакоі, дзе таксама адразу ж успыхнула святло.
Павесіўшы вопратку на вешалку, Кірыл прайшоў следам.




Мне нравится:
0

Рубрика произведения: Проза ~ Фантастика
Количество рецензий: 0
Количество просмотров: 9
Опубликовано: 01.07.2018 в 13:47
© Copyright: Игнат Урсуляк
Просмотреть профиль автора






Есть вопросы?
Мы всегда рады помочь!Напишите нам, и мы свяжемся с Вами в ближайшее время!
1