ЦЁМНЫ АНЁЛ. АПОВЕСЦЬ. РАЗДЗЕЛ 1-13,14


13.
На восьмы дзень прабывання ў шпіталі Кірылу нарэшце канчаткова разбінтавалі галаву. Вялікі парэз на ягонай патыліцы зусім загаіўся і ўжо не балеў, толькі моцна свярбеў пад каростай. Галавакружэнняў у Кірыла таксама больш не было.
– Выпішуць цябе хутка, – зайздросціў дзед з «Вожыкам», – а мне яшчэ ляжаць ды ляжаць...
Антаніна Язэпаўна, зноў наведаўшы Кірыла, убачыла яго без павязкі і вельмі ўзрадавалася. Гэтым разам яна пакінула яму вялікі пакет дамашняга пячэння, якім Кірыл адразу ж, як толькі яна пайшла, зноў падзяліўся з усіма сваімі суседзямі.
Да дзеда, што плакаў начамі, пару разоў прыходзіў сын – высокі і тоўсты мужык з лысай галавой. Дзеда з «Вожыкам» наведвала жонка, шчупленькая і маленькая, з вавёрчыным тварыкам. Панурага дзядзьку ніхто не наведваў – відаць, сваякоў у горадзе ў яго не было.
Праз два тыдні, як і было абяцана, Кірыла выпісалі дадому, абавязаўшы яго хадзіць са сваёй рукой на перавязку ў паліклініку.
«Больш бясплатна карміць не будуць...» – сумна падумалася яму.
І ўсё‑такі ён быў страшэнна рад, што нарэшце пакідае шпіталь. Яго прыгнятаў выгляд знявечаных пацыентаў траўматалягічнага аддзялення, пастаянны пах дэзінфіцыруючага раствору і чалавечай немачы. Яму цяжка было глядзець, як прыкаваныя да пасцелі дзяды з гірамі на нагах пакутліва і няспрытна карыстаюцца падкладною вуткай, а тыя, хто можа самастойна хадзіць, пачуваюць сябе пры гэтым няёмка, быццам вінаватыя. Будучы вельмі ўражлівым, Кірыл з радасцю думаў аб тым, што больш не будзе вымушаны на ўсё гэта глядзець.
Пры выпісцы са шпіталю яму вярнулі ягонае паліто, якое аказалася парадкам разадранае ззаду – відаць, яшчэ пры падзенні. Спагадлівая нянечка сяк‑так зацыравала дзірку, каб не бялелася вацінам, але Антаніна Язэпаўна, як толькі ўбачыла паліто Кірыла, калі ён вярнуўся дадому, дык проста рукамі пляснула:
– Божухна, у чым жа ты цяпер будзеш хадзіць, Кірычак? Хіба можна ў такіх рызманах на людзі паказвацца!
Яна залезла ў камору, доўга капалася там, перабірала нешта і ціхенька чартыхалася, а потым выцягнула спартыўную куртку‑пухавік і дала яе Кірылу:
– На, прымерай. Гэта Лёшанькава. Вы з ім амаль аднаго росту, так што падыдзе. Яму ўжо не трэба, а ты яшчэ паходзіш.
Кірыл прымераў – было сапраўды якраз.
– Мне з вамі не расплаціцца будзе, Антаніна Язэпаўна, – сумна ўздыхнуў ён.
– Падарункі за грошы толькі Дзед Мароз дорыць, – прабурчала гаспадыня ў адказ.
З нагоды вяртання свайго кватаранта яна спякла пірог з клубнічным варэннем. Апрача таго, высветлілася, што Кірыла ўжо чатыры дні чакае ліст ад бабулі, дзе тая паведамляла, што выгадна прадала бульбу і таму гэтым разам зможа выслаць унуку аж цэлых сорак рублёў. Надзвычайна ўзрадаваўшыся, Кірыл тут жа сеў пісаць бабулі адказ. Пра сваё падзенне з эстакады і пра шпіталь ён вырашыў зусім не ўпамінаць – усё ўжо абышлося, і ён лічыў, што няма чаго палохаць старэнькую. «Добра яшчэ, што левую руку зламаў, а не правую, – думаў ён, – а то давялося б каго‑небудзь прасіць, каб за мяне ліст напісаў. Вось бы бабуля запанікавала!..»

14.
У першы ж дзень ягонага з’яўлення ў інстытуце да яго падышла куратарка групы і сказала неадкладна зайсці ў бухгалтэрыю. «Божа, няўжо я яшчэ камусьці штосьці вінаваты?..» – нават спалохаўся Кірыл, прыкідаючы ў думках, адкуль прыйшла новая напасць і як з яе выкруціцца. Нічога асаблівага за сабою ён не адчуваў, але гэта, канечне ж, не мела значэння: адміністрацыя інстытуту магла дакапацца да чаго хочаш, нават там, дзе, здавалася б, і зачапіцца не было за што. На душы ў Кірыла зрабілася зусім кепска.
У кабінеце галоўнай бухгалтаркі пахла старой паперай, нейкай ежай і духамі «Красный октябрь». Сумесь пахаў атрымлівалася проста жудасная. Гаспадыня кабінета, відаць, гэтага не заўважала.
– Чаму вы, Цімафейчык, адразу не паведамілі ў дэканат пра вашы сямейныя абставіны? – строга зірнула яна на Кірыла з‑пад выскубаных броваў.
– Пра якія яшчэ абставіны? – не зразумеў той.
– Што ў вас адна бабуля і што, апрача стыпендыі, у вас ніякіх даходаў няма.
– Я думаў, гэта ўсім вядома, – паціснуў плячыма Кірыл.
– Не, не ўсім. Трэба было напісаць заяву, што вы маламаёмасны.
– А хіба ў Савецкім Саюзе ёсць маламаёмасныя? У нас жа самая багатая краіна на свеце. Вось і алей сланечнікавы надоечы без талёнаў давалі ў гастраноме...
– Не дасціпнічайце, малады чалавек, – нахмурылася бухгалтарка, але тут жа зацікавілася: – А ў якім гастраноме?
– У цэнтральным, на Леніна. Мая домаўласніца ўчора купіла цэлы літр.
– Дык вы яшчэ і кватэру наймаеце?
– Ну, так...
– Вось сядайце і напішыце ўсё гэта на паперы, – бухгалтарка палажыла перад Кірылам паперу і ручку. – Я, такі і такі, прашу вылучыць мне сацыяльную матэрыяльную дапамогу ў сувязі з тым і тым. Пішыце!
Кірыл, трохі разгубіўшыся, апусціўся на крэсла і, не верачы свайму шчасцю, пачаў пісаць. Прачытаўшы ягоную заяву, бухгалтарка кіўнула:
– Усё правільна. Я падшыю.
– І што цяпер? – спытаў Кірыл.
– Ідзіце ў касу і атрымайце семдзесят пяць рублёў.
Кірыл ахнуў у душы: гэта была сума максімальнай стыпендыі, якую давалі толькі круглым выдатнікам і шчырым камсамольцам.
– Атрымліваць будзеце раз у квартал, незалежна ад стыпендыі, – дадала бухгалтарка. – Стыпендыю за люты я вам, дарэчы, таксама налічыла – прарэктар дазволіў.
Не памятаючы сябе, Кірыл паляцеў у касу, дзе яму сапраўды выдалі сто дваццаць восем рублёў пяцьдзесят тры капейкі. Такіх грошай ён не трымаў у руках ніколі ў жыцці.
Дрыжачай рукою распісаўшыся ў ведамасці, ён глыбей схаваў неспадзяванае багацце ва ўнутраную кішэнь пінжака і, адчуваючы, як шалёна тахкае сэрца ў грудзях, нават спалохаўся, як бы ад радасці не страціць прытомнасць. Дабраўшыся да канапы, што стаяла ў калідоры ля акна, ён прысеў на яе і насілу аддыхаўся. Так, што ні кажы, а сэрца ў яго сапраўды было слабое.
Грошы прыемна тапырыліся ва ўнутранай кішэні, нібы стараючыся давесці, што яны Кірылу не сняцца.
«І стыпендыю табе выдадуць, ды яшчэ павышаную...» – Сярожкаў голас нечакана загучаў у ягонай галаве, і Кірыл уздрыгнуўся, раптам усвядоміўшы, што ўсё і сапраўды выйшла, нібыта «по щучьему веленью», – так, як і абяцаў дзіўны хлопчык, што наведаў яго ў шпіталі. Цяпер, калі яшчэ і бабуля прышле тыя сорак рублёў, аб якіх пісала, Кірыл наогул будзе пачуваць сябе амаль мільянерам! Гэта было так нязвычна, так нова, што хацелася спяваць і рагатаць, як вар’ят. Апусціўшы руку ў кішэнь, ён выняў з яе візітную картку Ірыны Сяргееўны Лортман.
Унізе, у вестыбюлі, у вахцёркі быў тэлефон, па якім яна заўсёды дазваляла ўсім студэнтам званіць бяплатна, хаця ён лічыўся службовым, а для агульнага карыстання існавала будка на вуліцы. Але цёця Ніна была добрая і разумела, што для беднага на грошы савецкага студэнта, асабліва за тыдзень перад стыпендыяй, дзве капейкі – таксама сума.
Насілу ўправіўшыся з хваляваннем, Кірыл набраў нумар, указаны ў картцы. Сярожка адказаў пасля першага ж гудка.
– Алё! – пачуўся ў трубцы ягоны звонкі, вясёлы голас. – Алё! Хто гэта?
– Сярожа, гэта я, Кірыл... – прамовіў Кірыл, пакашліваючы ад нервовых спазмаў у горле. – Ты прасіў, каб я патэлефанаваў, як толькі выйду са шпіталю... Вось я і патэлефанаваў.
– А, гэта ты! – узрадаваўся хлопчык. – Прывітанне! Ну, як маешся? Рука не баліць?
– Не, свярбіць толькі. Я яшчэ месяц на перавязку хадзіць буду.
– Ну, гэта ўжо не бяда, праўда? Ты адкуль тэлефануеш? З дому?
– Не, з інстытуту.
– Ведаеш, а мама мая якраз на працы. Табе б з ёю пагаварыць. Ты калі зойдзеш?
– А калі можна?
– А калі табе зручна?
– Н‑не ведаю... Можа, увечары, пасля вучобы...
– Тады заўтра а восьмай. Падыходзіць?
– А не позна?
– Вось яшчэ – позна! Я толькі з трэніроўкі вярнуся, і мама будзе дома, так што прыходзь. Дамовіліся?
– Дамовіліся. Паслухай, Сярожа, а мне толькі што 128 рублёў у касе выдалі. Дзякую табе.
– А за што ты мне дзякуеш? – здзівіўся хлопчык.
– За тое, што ўсё выйшла, як ты абяцаў.
– А хіба я нешта абяцаў? Дзіўны ты нейкі, Кірыл!
– Не, не, я не дзіўны... Ты даруй... Проста мне вельмі хочацца, каб ты ведаў, як я табе ўдзячны, разумееш?
– Н‑ну, разумею.
– Ты так многа для мяне зрабіў. Дзякую табе, мой маленькі добры анёл.
– Зноў ты!.. – уздыхнуў Сярожка. – Добра, ты прыходзь заўтра. Не трэба пра анёлаў па тэлефоне. Я буду чакаць. Потым і пагаворым. Ты мой адрас памятаеш?
– Канечне. Я тваёй карткі не згубіў.
– Вось і добра. Тады бывай? Да заўтра, ага?
– Да заўтра... – адказаў Кірыл і павольтна палажыў трубку, адчуваючы, як соладка сагрэлася ягоная душа.




Мне нравится:
0

Рубрика произведения: Проза ~ Фантастика
Количество рецензий: 0
Количество просмотров: 19
Опубликовано: 01.07.2018 в 13:45
© Copyright: Игнат Урсуляк
Просмотреть профиль автора






Есть вопросы?
Мы всегда рады помочь!Напишите нам, и мы свяжемся с Вами в ближайшее время!
1